На рынак выходзіць новая гандлёвая сетка
Читать по-русски


Уладальнік гіпермаркетаў GREEN запускае гандлёвую сетку фармату «каля дома». Называецца яна як гандлёвая марка буйнога рытэйлера «Местное Известное». Гэта вынікае са звестак Гандлёвага рэестра.

Фото: instagram.com/greentime.by
Ілюстрацыйны здымак. Фота: instagram.com/greentime.by

Сёлета кампанія «Гринрозница», якая валодае сеткай GREEN, зарэгістравала ў Гандлёвым рэестры пяць крамаў пад назвай «Местное Известное». Усе яны адкрыюцца ў Мінску.

Мяркуючы з інфармацыі Гандлёвага рэестра, аб’екты маюць з’явіцца на вуліцах Нёманскай, Шчорса, Гінтаўта, Сморгаўскі тракт і праспект Дзяржынскага. Гаворка ідзе пра крамы фармату «каля дома».

Таксама рытэйлер паведаміў пра адкрыццё 12 чэрвеня новага аб’екта сеткі гіпермаркетаў GREEN. Ён размешчаны на вуліцы Рафіева ў Мінску.

Нагадаем, «Гринрозница» ўваходзіць у групу кампаній «РАПА». Сярод суўладальнікаў — бізнесовец Генадзь Кірэйкаў. У лютым 2021-га ён трапіў за краты, дзе прабыў амаль паўгода. Затрыманне супала з планавай праверкай Камітэта дзяржкантролю, што прайшла ў сетцы.