У ЕС узгаднілі ўвядзенне новай сістэмы ўезду і выезду. Калі яе могуць запусціць
Читать по-русски


/

Краіны Еўрапейскага саюза 5 сакавіка нарэшце дамовіліся пра паэтапны запуск сістэме ўезду/выезду (EES) — аўтаматызаванага рэестра для тых, хто падарожнічае на кароткія тэрміны, увядзенне якога неаднаразова адкладалася праз тэхнічныя праблемы і недастатковую гатоўнасць, піша Euronews.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: «Зеркало»
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Люстэрка»

Пагадненне, дасягнутае міністрамі ўнутраных справаў у Брусэлі, адкрывае шлях да магчымага пачатку працы сістэмы восенню, хоць канкрэтнай даты пакуль не назвалі.

Цяпер у дзяржаваў-чальцоў будзе два варыянты: запусціць новую сістэму адразу ж або ў некалькі этапаў цягам шасцімесячнага пераходнага перыяду, пасля заканчэння якога ўсе рэгістрацыі падчас перасячэння мяжы павінныя ажыццяўляцца ў рамках EES.

Паэтапны падыход не быў прадугледжаны ў першапачатковым заканадаўстве. Аднак пасля ўсебаковай сустрэчы ў лістападзе ён быў прапанаваны ў якасці жыццяздольнай альтэрнатывы для выхаду з працяглага тупіка і ўкаранення доўгачаканай сістэмы.

Польшча, краіна, якая цяпер старшынюе ў Радзе ЕС на ратацыйнай аснове, узначаліць перамовы з Еўрапейскім парламентам для дасягнення канчатковага пагаднення па змененым законе, што, як чакаецца, пройдзе гладка.

«Кастрычнік — гэта наш гарызонт, — заявіў у сераду раніцай Томаш Семоняк, міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. — Сістэма дасць службам дзяржаваў-чальцоў цалкам новыя інструменты для кантролю за тым, хто заязджае і выязджае з Шэнгенскай зоны, для паліцыі і памежнікаў. Гэта абсалютна неабходна».

Што такое сістэма ўезду/выезду?

EES — гэта комплексная рэформа, якая пачалася яшчэ ў 2016 годзе і неаднаразова адкладалася. Яе галоўная мэта — мадэрнізаваць праверкі на вонкавых межах ЕС і замяніць традыцыйны фізічны штамп у пашпарце.

EES будзе прымяняцца да грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС, што прыязджаюць у блок з мэтай турызму, адпачынку або дзелавой паездкі і застаюцца агулам да 90 дзён цягам 180-дзённага перыяду.

Пасля ўвядзення сістэмы ў дзеянне наведнікі павінныя будуць паказваць свае пашпарты па прыбыцці, а таксама фатаграфаваць твар і сканаваць адбіткі пальцаў у электронным выглядзе.

Усе ўезды і выезды з бяспашпартнай Шэнгенскай зоны будуць фіксавацца.

Збор біяметрычных звестак і абмен інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу закліканы дапамагчы ўладам спыніць дзеянні тых, хто пратэрміноўвае кароткатэрміновыя візы і здзяйсняе махлярства з асабістымі звесткамі.

У схеме возьмуць удзел усе краіны — чальцы ЕС, акрамя Кіпра і Ірландыі, а таксама чатыры асацыяваныя чальцы Шэнгенскага пагаднення — Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.

На Кіпры і ў Ірландыі штампы ў пашпартах па-ранейшаму будуць прастаўляцца ўручную.