Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў 56-старонкавы даклад пра масавыя катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна ў Мінску пасля выбараў, 9−14 жніўня 2020 года. Расказваем пра вынікі грамадскага расследавання.
Менавіта ЦІП на Акрэсціна стаў асноўным месцам утрымання затрыманых у Мінску. За пяць дзён, з 9 па 14 жніўня, праз ЦІП, разлічаны на ўтрыманне 110 чалавек, «прагналі» больш за 3000 затрыманых. Сярод іх былі няпоўнагадовыя, пажылыя людзі, людзі з інваліднасцю, выпадковыя мінакі. Яны сутыкнуліся з нечуваным гвалтам з боку сілавікоў, які і выклікаў наступнае ўзмацненне пратэстаў.
«Усе затрыманыя падвяргаліся зневажальным працэдурам, жорсткаму збіццю, утрымліваліся ў нечалавечых умовах у перапоўненых камерах без ежы і вады па двое і больш сутак. Людзей збівалі пры любой спробе высветліць свой статус, патрабаваць выканання сваіх правоў і медыцынскай дапамогі. У збіцці, псіхалагічным ціску ўдзельнічалі як супрацоўнікі ЦІП, у тым ліку медыцынскія работнікі, так і сілавікі з АМАПа і іншых падраздзяленняў», — гаворыцца ў дакладзе.
Кіраўніцтва МУС пры гэтым адмаўляла жорсткае абыходжанне, нагадваюць праваабаронцы. Пацверджаннем сталі гукі бесперапыннага збіцця ў двары ЦІП, якія ў ноч з 12 на 13 жніўня запісалі сваякі затрыманых, што знаходзіліся на вуліцы. На запісах былі добра чуваць галасы людзей, якія крычаць пра боль і моляць пра літасць. А 14 жніўня затрыманых пачалі масава выпускаць. Некаторых вывозілі машыны хуткай дапамогі. Людзі, што выйшлі на волю, паказалі свае раны і траўмы ад катаванняў.
У аснову даклада праваабаронцаў леглі паказанні 101 пацярпелага. Гэтыя людзі былі ў ЦІП у названыя дні і сталі сведкамі катаванняў затрыманых, самі зазналі гвалт. Яны падалі медыцынскія і іншыя дакументы ў пацверджанне сваіх словаў. Іх паказанні склалі 1095 старонак.
Дзякуючы паказанням сведак удалося аднавіць храналагічны парадак падзей у ЦІП у тыя дні, дэталёва апісаць умовы, у якіх іх утрымлівалі, і падзеі, якія адбываліся там.
У двары ЦІП людзей выгружалі з аўтазакаў і аўтобусаў, праганяючы праз шэрагі сілавікоў, якія білі іх дубінкамі, а затым ставілі на калені ля бетоннай агароджы. Калі трэба было перамясціць людзей па двары, іх прымушалі паўзці па асфальце на каленях. Часам з сілавікамі былі службовыя аўчаркі, якімі дадаткова палохалі людзей. Каля плота на каленях людзі стаялі гадзінамі. Білі іх часта і моцна, дубінкамі і берцамі, асабліва ў адказ на любыя просьбы — пра ваду, меддапамогу, адваката.
На нейкі час затрыманых змяшчалі ў прагулачныя дворыкі ЦІП — гэта бетонныя скрынкі памерам 4 на 5 метраў з кратамі зверху. Туды набівалі па некалькі дзясяткаў чалавек, аж да сотні, у тым ліку параненых, людзі стаялі ўшчыльную.
«У прагулачных дворыках нас раскідвалі па 50−60 чалавек. Мяне перавялі ў другі прагулачны „калодзеж“. Там я бачыў у чалавека такія раненні ад куляў, як банкі, якія ў дзяцінстве ставілі: кропкі здаровыя, і яны сплываюць крывёй, відаць было, што яны свежыя, бо вадзяністасць такая была».
«Уверсе там ходзіць дзядзька, кажа: „Я зараз гранату вам сюды кіну, і вам усё будзе“. Я разумею ў гэты момант, семдзесят чалавек, калі сюды трапіць граната, то гэта адразу ўсё…»
У такім дворыку затрыманыя праводзілі па некалькі гадзін, але некаторыя былі там аж да чатырох дзён.
Потым людзей адводзілі на зневажальны дагляд, дзе трэба было раздзецца дагала і некалькі разоў прысесці ў прысутнасці вялікай колькасці людзей. Калі сярод затрыманых трапілася трансгендарная дзяўчына, яе назвалі «п***рам», паставілі разам з мужчынамі і ўдарылі дубінкай.
У гэтых дзеяннях удзельнічала жанчына-супрацоўніца, якая наносіла некаторым затрыманым [раздзетым для надгляду] мужчынам удары ў вобласць пахвіны. Адзін з сілавікоў падыходзіў да затрыманых і вадзіў каля ануса дубінкай.
«І потым мы выходзім у калідор, і ў мяне шок быў, што ў шарэнзе голыя мужыкі, галава паміж каленяў, дупай дагары, на каленях. І нас таксама на калені паставілі. На калені, ды яшчэ ў спіну тыцнулі гэтай дубінкай. Такое адчуванне, што расстраляюць зараз у патыліцу».
Потым людзей размяшчалі ў камерах. Усе яны былі вельмі перапоўненыя: 24 чалавекі ў двухмеснай камеры, 42 чалавекі ў васьмімеснай і гэтак далей. Адзін чалавек расказаў, што ў яго шасцімеснай камеры было 50 затрыманых. На праходцы да камераў людзей збівалі. Ноччу іх часта выводзілі на надгляды, таксама збівалі, абражалі.
10 жніўня ў ЦІП прывезлі значна больш людзей, чым напярэдадні, і абыходжанне з імі стала яшчэ больш жорсткім. У камерах увесь дзень было чуваць, як збіваюць новых дастаўленых. Іх зноў гадзінамі прымушалі стаяць ля плота на каленях.
«Самае жорсткае — гэта калі я прачнуўся ў гадзіну ночы ад крыкаў людзей. Мужчын білі так моцна дубінкамі, што было чуваць храбусценне костак, крыкі былі такія моцныя, што людзей быццам палілі. Дарослыя мужыкі крычалі: „Мама! Дапамажыце! Ратуйце!“»
«Адна супрацоўніца папрасіла: „Надзеньце гэтых пацаноў на вашыя дубінкі“. Гэта была мэтаскіраваная атака на людзей. Усе былі максімальна агрэсіўна настроеныя: „Колькі вам плацяць?“, „Жывёліна!“, „Мы вас тут усіх зараз пазабіваем!“ Было адчуванне, што самі супрацоўнікі знаходзяцца ў наркатычным ап’яненні».
На ўездзе ў ЦІП была цэлая чарга з аўтазакаў. Людзі з іх выходзілі збітыя, параненыя, некаторыя без абутку, без штаноў, з ужо сінімі ад удараў спінамі і нагамі. Апытаныя расказвалі, што, калі стаялі ў двары ля плота, бачылі вакол скрываўленых людзей.
«Мужчына сталага веку тросся праз высокі ціск, магчыма, ад стрэсу. Адзін сілавік дазволіў яму ўстаць на ногі, аднак іншы падышоў і ўдарыў яму па нагах дубінкай. Мужчына ўпаў».
Уначы 10 жніўня ў ЦІП прыязджала нейкае кіраўніцтва з МУС, паведамілі апытаныя.
«Гэта было недзе 4−5 чалавек гадоў 50-ці …і адзін з іх сказаў: „Мне б цяпер аўтамат, я б вас, сукі, усіх расстраляў“. Вось гэта было ўжо страшна. Там яшчэ хадзіў чалавек у лічбавай форме вайсковай, у яго былі маска і вінтоўка. Было зразумела, што дастаткова сур’ёзная зброя і што любое непадпарадкаванне можа расцэньвацца як напад…»
Затрыманым у двары і ў прагулачных камерах не давалі не толькі ежы, але і вады, альбо маглі даць бутэльку на 100 чалавек.
Меддапамога ўсе гэтыя дні нікому не аказвалася. Таксама практычна ўсім адмаўляліся выдаць з іх рэчаў лекі, якія ім трэба было рэгулярна прымаць, напрыклад ад сардэчных хваробаў ці дыябету.
З перапоўненых камераў, дзе не было чым дыхаць, людзей забіралі толькі ў выключных выпадках, пры відавочнай пагрозе смерці.
«Аднаму чалавеку стала кепска. На другія суткі яго забралі. У яго нешта з сэрцам было, свядомасць траціў, бо душна было. Але яго не завезлі ў бальніцу, а прыкавалі кайданкамі ў калідоры».
«Дыхаць можна, але ў нейкі момант ты ўжо ў такім стане, амаль страчваеш прытомнасць, бо кіслароду мала, вокны не адчыняліся праз гэтыя краты. Шчыліна — 5 см прыкладна, праз яе паветра паступала, але як бы рэальна яго досыць мала, таму задыхаліся».
«У аднаго ў назе тырчаў асколак ад гранаты, але ніякай дапамогі яму не аказвалі, на просьбу пра дапамозе адказвалі: „Засунь сабе гэты асколак у сраку“».
«У камеры быў чалавек з эпілепсіяй, у яго здарыўся прыпадак — ён упаў на падлогу, пачаў торгацца, пацякла пена з рота. Хтосьці крыкнуў, каб трымалі яму галаву, пачалі біць у дзверы, клікаць доктара. Прыйшоў супрацоўнік хуткай дапамогі і сказаў, што гэта пройдзе. Праз гадзіну ў мужчыны зноў здарыўся прыпадак, прыйшоў той жа „доктар“, паглядзеў на яго: „Не праходзіць? Добра, нясіце!“ І чацвёра затрыманых хлопцаў вынеслі яго і паклалі ў калідор. Што з ім было далей, невядома».
«Затрыманыя пачалі стукаць у дзверы, гарлапаніць, крычаць: „Доктара паклічце!“ Прыйшла медсястра, якая збівала, калі да яе звярталіся па дапамогу (бландынка з карэ). Яна яго павяла на калідор, дала нашатыр панюхаць, ударыла яго па твары са словамі: „На мітынг змог хадзіць, вось і цяпер змажы пастаяць“. Яна памяняла яму павязку і адправіла назад…»
«Ён прасіў фельчара выклікаць хуткую дапамогу. На што яна яму адказала:
„Я магу табе толькі катафалк выклікаць у морг“».
Жанчыны прасілі адкрыць «кармушку», бо паветра ў камеры не хапала, але ў адказ чулі толькі адмовы. Дзяўчаты апісваюць, што яны знаходзіліся ў напаўаголеным стане, думкі блыталіся, увесь час хацелася спаць. Яны засыналі, драмалі 15−20 хвілін і рэзка прачыналіся.
У адной дзяўчыны пачалася панічная атака, яе бесперапынна ванітавала, яна страчвала прытомнасць. Іншая дзяўчына — інвалід-эпілептык. Яшчэ адна жанчына была хворая на дыябет другога тыпу, трое сутак яна прасіла прынесці ёй таблеткі з торбы, але безвынікова. У многіх дзяўчат пачаўся моцны кашаль ад пераахаладжэння ў выніку стаяння і сну на бетоннай падлозе.
«За сценкай мы чулі, як працягваюць збіваць мужчын, — яны хрыпелі, крычалі, плакалі. Аднаго з мужчын збілі да такога стану, што ён абмачыўся з крывёю. Супрацоўнікі раўлі на яго, каб ён сабой жа выцер мачу з крывёю з падлогі і прыбраў за сабой. Мужчына плакаў і казаў, што яму няма чым выцерці, бо ён голы… Сілавікі, не спыняючыся, працягвалі яго біць і крычаць, каб ён усё выцер сваім целам».
Раніцай 10 жніўня людзей пачалі выводзіць на падпісанне пратаколаў. Падпісваць прымушалі дубінкамі і пагрозамі, затым заганялі назад у камеры. Каля васьмі раніцы пачалі прывозіць новых затрыманых, іх збівалі яшчэ больш моцна і злосна, чым напярэдадні. Некаторых мэтаскіравана білі па нырках, па пахвіне.
«Мне развялі ногі ў розныя бакі амаль да шпагата, і два разы ён мне ўдарыў дубінай паміж ног. Калі я спытаў, за што, ён сказаў, каб я больш такіх не нараджаў…»
Людзей не вадзілі ў прыбіральню. Частка затрыманых трапіла туды праз 17 гадзін знаходжання ў прагулачным дворыку.
«… „Я зараз абасцуся“. Яму кажуць: „Вось зараз ты выйдзеш адсюль, мы зробім так, што ты яшчэ і абсерашся“. Зайшоў нейкі начальнік, чалавека вывелі, мы пачулі ўдары дубінак, яго назад запіхнулі. Пасля гэтага нейкія патрабаванні і звароты да сілавікоў спыніліся. Калі хтосьці моцна хацеў у прыбіральню, затрыманыя давалі тыя бутэлькі, з якіх яны пілі, каб чалавек мог справіць патрэбу менавіта туды. Потым гэтыя бутэлькі апалосквалі, і калі камусьці дазвалялі выходзіць, у іх зноў жа набіралі ваду для піцця».
У перапоўненыя камеры працягвалі набіваць яшчэ людзей, у чатырохмесных магло быць па 50 чалавек. Не было ніякіх сродкаў гігіены, нават туалетнай паперы.
Жанчынам не давалі нічога для менструацый, прапаноўвалі скарыстацца майкай. Некаторыя выкарыстоўвалі свае медыцынскія маскі. Аднойчы, расказвае сведка, супрацоўніца ЦІП прынесла ў камеру кавалак ваты і адзін бінт. У некаторых камерах жанчыны не маглі хадзіць у прыбіральню, бо брудная вада з яе выцякала проста на падлогу, яны былі вымушаныя збіраць яе ручнікамі. Ад гэтага стаяў страшны смурод, вентыляцыі не было.
«Гэтая камера была яшчэ меншая за нашу, а ў ёй ужо знаходзілася людзей у два разы больш, чым у нашай. І тэмпература паветра была… Ну, у нас было горача. У гэтай, у другой камеры, тэмпература паветра была яшчэ большая. Паветра не было, дыхаць наогул немагчыма было. Вільготнасць была такая, што са столі капала. На сценах быў кандэнсат. Падлога слізкая ад вільгаці. Пры мне прытомнасць страцілі два чалавекі. Калі ўсё ж такі адчынілі дзверы, адзін з іх проста вываліўся з камеры на падлогу калідора. Яго ванітавала, але на гэта ніхто не звяртаў увагі».
Толькі ўвечары 10 жніўня затрыманым выдалі ежу — бохан хлеба на камеру. Гэта была першая ежа за суткі ў ЦІП.
Аднаго з пацярпелых у гэты дзень катавалі, патрабуючы пароль ад тэлефона.
«З мяне зрабілі кола — закінулі з-за спіны, як кола, ногі, рукі і надзелі кайданкі. 30−40 хвілін я трымаўся. Знепрытомнеў. Ну, давялося потым сказаць код ад тэлефона. Самае страшнае — тое, што там былі асабістыя звесткі блізкіх».
11 жніўня працягвалася ўсё тое самае з яшчэ большай жорсткасцю. Ноччу было холадна, новапрыбылых людзей трымалі ў прагулачных дворыках, яны прыціскаліся адно да аднаго, каб сагрэцца, але ім забаранялі рухацца, за рух аблівалі халоднай вадой.
«Усе былі ў стане жаху, усё ўспрымалася як нейкі канцлагер. Мы выразна чулі, як у суседнім дворыку збівалі людзей, асабліва шчыравала нейкая жанчына».
«Спалі ў кучах, бо было вельмі холадна, начамі аблівалі халоднай вадой наглядчыкі. Пастаянныя крыкі, стогны з суседніх клетак. Некаторым пагражалі засунуць дубінку ў зад».
«Ноччу ў дворыку было вельмі холадна. Прыбіральні ў ім не было, і затрыманыя дзяўчаты вымушаныя былі карыстацца нейкім люкам у падлозе, пры гэтым зверху за гэтым назіралі ахоўнікі-мужчыны».
«Гэта было проста дзіка, вельмі дзіка. Закідваюць туды хлопца. Ён прастаяў хвілін пятнаццаць, напэўна, па адчуваннях, і кажа: я прашу прабачэння, але я больш не магу. Здымае штаны, здымае майткі, пачынае майткамі выціраць фекаліі».
Некаторыя страчвалі сувязь з рэальнасцю ад перажытага.
«Размаўляеш з чалавекам, а ён такі: „Гэта вы мяне так? За што, пацаны, вы мяне так збілі? А дзе жонка мая?“»
«У аднаго хлопца была скальпаваная галава, адзін з амапаўцаў зрэзаў яму валасы разам са скурай на цемечку. Адтуль сачылася кроў, свежая рана была. Прасілі меддапамогу, бо многім было кепска».
Людзей, якія знаходзяцца ў камерах, перыядычна выводзілі і збівалі. Таксама многіх прымушалі здымацца ў відэа.
«Адзін раз я чуў, як жанчыну нейкую выводзяць з камеры, па голасе ўжо ва ўзросце такую. Не ведаю чаму, але тады я быў упэўнены, што яе здымаюць на камеру, і ёй кажуць: „Вось ты была з плакатам „Не фашызму“. Што такое фашызм?“ Яна кажа: „Ну вось тое, што вы робіце“. А яны ёй: „Не! Тое, што мы робім, называецца садызм“. Ну і прылятае дубінкай ёй».
«Амапавец ударыў жанчыну галавой аб сцяну, а жанчына-бландынка загадала скласці пальцы ў замок, завесці іх за галаву. У гэты час ударамі сваіх берцаў працягвала рваць ёй пахвінныя звязкі, пачала выкручваць ёй правую руку, пасадзіла на калені, прыціснула сваёй нагой галаву жанчыны да падлогі і пачала крычаць: „Гавары, с**а, свае дадзеныя!“»
У некаторых у камерах не вытрымлівала псіхіка, асабліва калі чулі гукі збіцця і крыкі.
«Я памятаю, там была жанчына з дзвюма дочкамі, і яна проста пачала крычаць у нейкі момант. Заткнула вушы і пачала крычаць, падвываць ад жаху, які адбываецца. Хтосьці проста плакаў».
Раніцай 11 жніўня пачаліся «суды». Затрыманых прыводзілі ў кабінет, дзе знаходзіліся суддзя і сакратар. Суддзя зачытвала пратакол і матэрыялы справы, пытала пра пазіцыю затрыманых.
«Адстаяць свае правы ў судзе было немагчыма. Суды ніяк не рэагавалі на заявы пра катаванні, жорсткае абыходжанне, факты псіхалагічнага гвалту, а таксама парушэнні працэсуальных правоў. У хадайніцтвах наконт прадстаўлення абаронцы адмаўлялі, матывуючы гэта адсутнасцю ў затрыманага дамовы з адвакатам», — гаворыцца ў дакладзе.
Адна з пацярпелых расказала, што заявіла хадайніцтва пра спыненне катаванняў у дачыненні да яе і іншых затрыманых, на што суддзя Мотыль адказала: «Я толькі суддзя. Гэта не мая кампетэнцыя. Са скаргамі на ўтрыманне звяртайцеся да начальніка ЦІП». Такім самым чынам ніякай рэакцыі не атрымалі і іншыя заявы затрыманых пра тое, што іх прымусілі падпісаць пратакол, не азнаёмілі з ім, збівалі.
«Суд праходзіў такім чынам: выклікалі 5−8 чалавек, падымалі іх на 2-і паверх, і хвілін праз 10−15 усе гэтыя людзі вярталіся ўжо, як правіла, з „суткамі“. Пры гэтым усё гэта суправаджалася перад суддзямі збіццём проста ў іх на вачах».
«Вывелі на суд, уніз. Па-мойму, на другім паверсе праходзілі судовыя паседжанні… Мне не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы, сказалі: „Падпісвай“. Я кажу: „Але я не згодны з тым, што там напісана“. І гэты [супрацоўнік] ззаду стаіць, дубінай у шыю: „Падпісвай!“ Пры суддзі ён: „Закрый пашчу, падпісвай!“… У масцы, у балаклаве. Здаровы „конь“ у балаклаве, форма сіняя. Хто там быў — паняцця не маю… Калі я падпісаў дакументы, пачалося паседжанне. „Віну прызнаяце?“ Я кажу: „Не прызнаю“. — „Чаму? Раскажыце, як усё было“. Я ёй расказваю. „Усё, вы вінаватыя. Чатырнаццаць сутак вам“. Вось, уласна кажучы, і ўвесь суд».
12 жніўня працягвалі прывозіць новых затрыманых. Іх прымушалі гадзінамі стаяць на каленях, упёршыся галавой у асфальт і завёўшы рукі за спіну.
«Некаторыя былі збітыя так, што не маглі хадзіць, яны ляжалі на зямлі, іх целы ўжо не рэагавалі на збіццё. З тых, хто не мог хадзіць, супрацоўнікі смяяліся і здзекаваліся. Пастаянна пыталіся: „Хто заплаціў? Дзе 50 еўра?“»
«Пры мне пабілі глуханямога, бо ён не мог адказваць на пытанні».
Як кажуць пацярпелыя, у тую ноч асабліва моцна збівалі пазначаных фарбай і байкераў. Унутры Акрэсціна некаторых затрыманых таксама пазначалі маркерам, у тым ліку тых, хто размаўляў на беларускай мове.
«Гэта былі жудасныя крыкі, гэта было нешта нечуванае. Была нейкая жэсць, быццам там косткі ў іх трашчалі, крыкі нібы з пекла. У каго былі татуіроўкі c БЧБ і Пагоняй, было ўказанне іх біць мацней. Хтосьці з пацярпелых крычаў: „Я люблю АМАП“, іх пры гэтым білі палкамі».
«І такі гук удару, быццам б’юць па пластыку, па машыне. Чуеш, як гэты амапавец проста крэкча, задыхаецца, фізічна ўжо стаміўся ад таго, што ён б’е. І ён проста крычыць, быццам рыхтуецца да гэтага ўдару, і ўсю сваю сілу, якую можа ўкласці, укладвае. І б’е ён аднаго чалавека. І б’е ён не адзін. Гэта было проста страшна».
У гэтую ноч у аднаго з мужчын ва ўзросце каля 50 гадоў пасля надгляду здарыўся сардэчны прыступ. Ён збялеў і пачаў спаўзаць па сцяне ўніз.
«Прыйшла доктарка… Зрабілі ўкол у сэрца, хоць такія ўколы не заўсёды рабіць можна. Мы чулі, як страшна гэты мужчына тады крычаў. Доктарка яму сказала: „Ты што, с**а, таксама хочаш праз бальніцу адсюль з’ехаць?“ І яго адправілі ў камеру».
«Немалады тоўсты мужчына, мяркуючы па ўсім дыябетык, які стаяў у натоўпе затрыманых, раптам пасінеў і паваліўся на зямлю. Усе пачалі клікаць дапамогу, і да яго павольна, важна падышоў медработнік у чырвонай камізэльцы з крыжам, велізарны няголены мужчына. Медработнік не толькі нічым не дапамог мужчыну, ён нават не схіліўся над ім і, больш за тое, штурхнуў яго нагой, а потым прымусіў паўзці ў памяшканне».
У камерах было шмат людзей з цяжкімі калецтвамі. Днём прыязджала хуткая дапамога, некаторых цяжка пацярпелых забралі.
«Адзін хлопец скардзіўся на тое, што ў яго баліць сэрца… Ён сказаў, што вось пасля таго, што было там 11-га… „Нас збівалі, і ў мяне пачаліся гэтыя болі“. Доктар адразу зрабіў яму ЭКГ, убачыў праблемы вельмі моцныя. Ён… прымусіў зняць яго майку. Хлопец зняў… І гэты доктар настолькі сур’ёзна, калі ўбачыў тое, што ў хлопца ўсё ў сіняках. Ён: „Што вы робіце?! Вы да такога стану, вы так збівалі гэтага пацана, ён жа малады, вы яго ледзь не забілі!“ Запатрабаваў выклікаць старшага змены. Прыбег намеснік начальніка. Доктар сказаў, што складзе дакумент, што тут адбывалася, што яны ледзь не забілі чалавека… Доктар тэрмінова запытаў шпіталізацыю на гэтага хлопца ў бальніцу… Стэлефаноўваўся з бальніцай, каб рыхтавалі тэрмінова аддзяленне для хлопца… Пасля гэтага хлопца тэрмінова закінулі ў машыну хуткай дапамогі».
Аднак сілавікі не дазвалялі медыкам забраць многіх пацярпелых, літаральна даставалі людзей з машын і адпраўлялі назад.
У гэты дзень некаторых пачалі выпускаць, перад гэтым іх яшчэ білі ў двары па некалькі хвілін.
«За сцяной ЦІП былі чуваць галасы валанцёраў, і калі яны гаварылі гучна, то затрыманых білі яшчэ мацней», — гаворыцца ў дакладзе.
Частку людзей пачалі адвозіць у іншыя месцы ўтрымання — у Жодзіна, Слуцк, Магілёў. Як расказалі пацярпелыя, жанчын перад адпраўкай у Жодзіна супрацоўніца ЦІП Крысціна абзывала шлюхамі, казала, што іх «пусцяць па коле».
Бліжэй да вечара людзей з камераў пачалі па трое выводзіць на гутарку з супрацоўнікамі КДБ.
Частку затрыманых на гэты момант ужо трое сутак як не кармілі, толькі ўвечары 12 жніўня яны ўпершыню атрымалі порцыю ежы (каша, хлеб і гарбата). Іншым за суткі далі бохан хлеба на камеру.
Ноччу 13 жніўня ЦІП наведаў намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Барсукоў. Ён хадзіў па камерах і абяцаў, што людзей выпусцяць.
«Літаральна праз 5 хвілін прыйшоў Барсукоў. Ён пачаў гаварыць, што ўсіх адпусцяць, што не ўсе супрацоўнікі кепскія, некаторыя „перагінаюць палку“. І спытаў: „Ці білі вас у камеры?“ Мы сказалі, што нас у камеры не білі, бо білі да камеры. У гэты момант жанчына здымала. Ён сказаў: „Усё, я вам абяцаю, што мы вас зараз адпусцім“. Усе заўсміхаліся. І ў гэты момант ён зноў адсунуўся і жанчына паздымала на відэа, што затрыманыя такія шчаслівыя і задаволеныя ў камеры».
«Генералам гэтым быў Барсукоў. І ён такі заходзіць, разам з ім заходзяць нейкія жанчыны з відэакамерамі уключанымі. Нам сказалі ўсім падрыхтавацца, лішняга нічога не казаць. Аж да таго, што ад таго, што вы будзеце казаць, будзе залежаць, вызваляць вас ці не».
«Нам сказалі, што адпусцяць, «але [гэта] будзе залежаць ад таго, што вы скажаце. Таму думайце, хочаце вы адсюль сёння выйсці ці не хочаце. Зайшоўшы ў камеру, Барсукоў задаваў пытанні: «Як, вас тут не б’юць?» Хоць было відавочна, што б’юць — усе стаяць нават не сінія, а чорныя. Усе мы сказалі, што нас не б’юць. Сказаў, што нас адпусцяць, але каб больш не трапляліся».
Пасля яго візіту людзей сапраўды пачалі масава выпускаць. Але перад гэтым іх клалі на зямлю ў двары і збівалі. Мацней за ўсіх збівалі людзей нестандартнага выгляду: доўгавалосых, з дрэдамі, татуіроўкамі, пірсінгам, а таксама беларускамоўных.
Менавіта ў гэтую ноч блізкія затрыманых зрабілі запіс з гукамі збіцця і крыкамі людзей.
«Трэба было бегчы да сцяны. За кожным з нас быў замацаваны супрацоўнік АМАПа. Ён мне сказаў: „Калі ўпадзеш, то табе будзе пі***ц“. Трэба было стаць ля сцяны, падняць рукі ўверх і вывернуць далоні, ногі на расцяжку. У гэты момант ён пачаў прабіваць мне нагамі ў вобласць ног у болевыя зоны. Збівалі доўга. Загадалі легчы на зямлю, рукі за спіну, у гэты момант збівалі дубінкай ад ягадзіц да ног. Трэба было ў гэты час спяваць гімн. Доўга збівалі, я цярпеў, маўчаў. Потым ужо ён пачаў мне падказваць словы. Я пачаў паўтараць за ім, удары былі не такія частыя. Потым трэба было ўстаць і бегчы ўздоўж плота ў адваротны бок. Там зноў быў калідор. Нас збівалі. Трэба было проста дабегчы да выхаду».
«Загадалі легчы тварам у зямлю. І са словамі „такая прычоска цяпер не модная“ адрэзаў большую частку дрэдаў нажом. Потым сказалі далучыцца да асноўнай групы. Ужо ўсе хлопцы стаялі ўздоўж сцяны, тварам да сцяны. І над кожным чалавекам стаіць амапавец. І ён пачынае біць дубінкай па сцёгнах і ягадзіцах — гэта вельмі балюча. Я крычаў, стагнаў, ён нешта крычаў мне ў адказ. Ён яшчэ мацней, наступае на цябе, трымае нагой».
«Усё, што я бачыла, — сцены, агароджа белая, сцены будынка, усюды стаялі хлопцы. Па ўсім перыметры. Я не ведаю, колькі іх там было. Усё было запоўнена хлопцамі, і іх выпускалі порцыямі і перад выпускам іх збівалі».
«Мяне першага паклалі на зямлю, сталі на ногі, адразу некалькі ўдараў па нагах, потым іншаму. Нас чалавек 20 ляжала. І давай лупіць па нагах. Калі ўсё скончылася, падняцца я ўжо практычна не мог — на мне добра пастараліся. Я разумеў, што калі цяпер не падымуся, мяне назад у камеру. Падняцца мне дапамог вайсковец».
Ноччу 14 жніўня людзей працягнулі вызваляць. Асабістыя рэчы, грошы, тэлефоны, ключы ім часцей за ўсё не вярталі. Перад вызваленнем таксама збівалі. Многіх не выпускалі на месцы, дзе іх чакалі блізкія, а загружалі ў аўтазакі і вывозілі з тэрыторыі ЦІП у горад, дзе вызвалялі ў розных раёнах, далей ад ізалятара.
«Ноччу сталі прапаноўваць падпісаць пагадненне пра тое, што ты больш не будзеш удзельнічаць у мітынгах, інакш будзеш прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У прынцыпе, усе падпісвалі, неахвотных не было, бо і шанцаў не было: хто не падпісваў, таго білі, і яны ўсё роўна падпісвалі. Пасля гэтага вывелі на вуліцу, пашыхтавалі. Так мы стаялі гадзіны тры. Потым прыехалі амапаўцы і зноў пачалі праводзіць дагляд. Пачалі аглядаць усіх, патрабавалі паказаць ягадзіцы і лапаткі, у каго не было траўмаў, клалі на зямлю і збівалі, у каго былі доўгія прычоскі — стрыглі проста пры нас, у двары. Выпускалі нас па 6 чалавек, са словамі, што, маўляў, цяпер мы вас білі да паўсмерці, а ў наступны раз мы вас заб’ем».
«Дзяўчынка адна наогул адмовілася падпісваць паперу пра няўдзел у акцыях, сказала, што „ў мяне ключы там у маёй торбе, я нікуды не пайду, бо мне ісці няма куды і гэтак далей. Аддавайце мне торбу“. Адзін амапавец пасля чаго ўзяў дубіну і пачалі яе там мяцеліць».
Але ўжо ўдзень людзей падчас вызвалення не збівалі, а сілавікі рэзка сталі ветлівымі.
«За гадзіну да вызвалення, прыкладна каля 13−14 гадзін, мы не ведалі, што яно будзе. Проста як гэта адбывалася: нас разгрузілі па камерах на другім паверсе па 5−6 чалавек, нібыта для выгляду, перад кімсьці. Потым выстаўляюць у калідор, мы па звычцы стаім тварам да сцяны. Прыходзіць мужчына і кажа: „Усё, цяпер вы вольныя. Можаце рукі трымаць па швах, паварочвайцеся тварам да мяне. І хачу перад вамі папрасіць прабачэння. Ва ўсіх сітуацыях канфліктных ляцяць трэскі, вы гэтымі трэскамі аказаліся. Мая задача — проста вас прыехаць, пакарміць і выпусціць“».
«Аўтазакі развезлі нас па розных частках горада. Яны ўсе былі ў балаклавах, натуральна, тыя, хто нас развозіў. Яны пыталі: „Ці зручна вам сядзець, ці не цесна вам?“ Уключылі кандыцыянер у аўтазаку. Калі зачынялі дзверы, пыталі: „Ці нармальна, ці нічога не перашкаджае, падпірае?“ Калі мы выходзілі з аўтазака, спускаліся па прыступках, фразы былі кшталту „ўсяго добрага!“, „да пабачэння!“.
Я іду, і з кожнай машыны грае песня „Перамен“. Я не разумею, што адбываецца, а потым, калі я дабраўся дадому, калі прыехалі сябры і калі я выйшаў у інтэрнэт, убачыў тое, што ўвесь горад маршыруе. Вось толькі тады мы зразумелі, чаму яны ўсе такія ветлівыя былі ў апошні дзень».
Праваабаронцы канстатуюць, што людзей збівалі і пры затрыманні, і ў аўтазаках, і ў ЦІП, не аказвалі ім меддапамогі, толькі ў выключных выпадках выклікалі хуткую, пры гэтым нават з медыкамі сілавікі паводзіліся гэтак жа па-хамску, пагражалі ім і абражалі.
Большасць траўмаў у пацярпелых было ад перанесенага збіцця — выбітыя зубы і пашкоджанні сківіцы, гематомы, драпіны, удары, расцяжэнні, пераломы і ЧМТ рознай ступені цяжкасці. Гематомы маглі складаць да 80% усяго цела. Не менш цяжкія характэрныя дыягназы таго перыяду: унутраныя крывацёкі, удары грудной клеткі, пераломы носа, рэбраў, ног, пальцаў рук, моцныя траўмы кісцяў рук ад перацягнутых сцяжак, расцяжэнне звязак галёнкаступнёвых, локцевых і каленных суставаў. Таксама, калі людзей білі па галаве, удары часта прыпадалі на вушы. Праз гэта частка пацярпелых сведчыць пра тое, што пазней ім ставілі дыягназ «перфарацыя барабаннай перапонкі», таксама некаторыя адзначаюць пагаршэнне слыху.
«Прыходзіць гэтая „ўрачыха“, кажа: „Г****н, што ты хочаш, б*я?“ Ён папрасіў вады. „Урачыха“ была ў чырвонай сукенцы доўгай, дзесьці, можа, яна са святкавання нейкага ці яна так на працу ходзіць. Яна: „Жэня, дай ему п****лёў н***й“. Прыйшоў нейкі Жэня і пачаў збіваць гэтага мужчыну. Адна жанчына-супрацоўніца, позірк я яе запомніў на ўсё жыццё, біла. Быў потым у камеры хлопец байкер, ён кажа, яна стала ў яго ў галаве нагамі і з дзвюх рук пачала біць яго паміж ягадзіц па машонцы».
Большасць траўмаў прыпадала на ніжнюю частку цела, не толькі ад збіцця, але і праз шматгадзіннае стаянне на каленях.
«Мне потым паставілі посттраўматычны флебатрамбоз глыбокіх вен. Гэта, хутчэй за ўсё, не толькі праз збіццё, але і праз тое, што нас знерухомілі і не давалі піць. Кроў згушчаецца ад недахопу вады. Плюс гэтая поза, у якой у цябе калені сагнутыя, таксама пагаршае сітуацыю».
Пацярпелыя паведамлялі пра знясіленне, пераахаладжэнне і прастуду, не кажучы ўжо пра каранавірус у перапоўненых камерах. У многіх абвастрыліся хранічныя хваробы нырак, сэрца, спіны, праблемы са зрокам.
Больш за тое, пасля вызвалення некаторым пацярпелым адмаўлялі ў меддапамозе ў іх раённых паліклініках у Мінску.
Таксама многія сутыкнуліся са шкодай для псіхікі. Паведамлялі пра павышэнне трывожнасці або агрэсіўнасці пасля Акрэсціна, парушэнні сну, панічныя станы. Некаторыя пасівелі. Нават у пазнейшых апытаннях (восень 2022 года) частка пацярпелых адзначае, што цалкам аднавіцца ім так і не ўдалося — яны працягваюць сутыкацца з дэпрэсіяй, падвышанай трывожнасцю і перыядычна маюць праблемы са сном.
Праваабаронцы таксама прыводзяць фота траўмаў і пашкоджанняў людзей.
З дапамогай апытаных праваабаронцам удалося высветліць асобы некаторых людзей, якія маюць дачыненне да збіцця і жорсткага абыходжання з затрыманымі ў ЦІП. У дакладзе прыводзяцца імёны 13 супрацоўнікаў. Апазнанне датычных працягваецца.
«Жорсткія ўмовы ўтрымання ў ЦІП і стаўленне да затрыманых, якія можна прыраўноўваць да катаванняў, са жніўня 2020 года да сёння практычна не змяніліся. Гэта пацвярджаюць шматлікія сведчанні пацярпелых, якія адбывалі адміністрацыйныя арышты ў гэтай установе ў 2021−2023 гадах», — падкрэслівае Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.
Распечатано с портала ZERKALO.IO