На сёння ў свеце зафіксавана амаль шэсць дзясяткаў гарачых пунктаў. Але з іх толькі адзін знаходзіцца ў Еўропе — гаворка пра спробы Расіі захапіць Украіну, якія цяпер звяліся да імкнення ўтрымаць анексаваныя Крамлём Крым і паўднёвы ўсход краіны. Адзін з галоўных аргументаў расійскай прапаганды — пра тое, што там жыве ў асноўным расійскамоўнае насельніцтва. Але нават калі прыняць яго за праўду, гэта не дае Крамлю права перакройваць межы. Успамінаем, як у нашай частцы свету дзялілі спрэчныя тэрыторыі, чаму ў выніку Еўропа аказалася практычна самым мірным рэгіёнам на планеце і што змяніла расійская агрэсія (спойлер — вярнула нас у XIX стагоддзе).
Чые Смаленск, Латарынгія і Гданьск?
Сусветная гісторыя шмат у чым уяўляе сабой пералік войнаў і канфліктаў з невялікімі мірнымі паўзамі. Часта ў такіх канфліктах фігуравалі адны і тыя ж гарады або рэгіёны, якія пераходзілі ў якасці трафеяў з адной краіны ў іншую і назад.
Адзін з прыкладаў звязаны з Беларуссю. Гаворка пра Смаленск. Першапачаткова гэты горад і Смаленскае княства ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі — сярэднявечнай дзяржавы, якая існавала з IX стагоддзя на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны (а таксама часткова Польшчы і краін Балтыі). У ХІІ стагоддзі Смаленскае княства стала незалежным, у яго складзе былі беларускія Мсціслаў і Орша.
Пазней Смаленск аслабеў і стаў залежным ад суседзяў, у тым ліку ад Полацкага княства. Затым горад быў саюзнікам Вялікага Княства Літоўскага — беларуска-літоўскай дзяржавы. Калі вялікі князь Альгерд хадзіў у паход на Маскву і браў у аблогу Крэмль, смаленскі князь быў яго саюзнікам.
У 1395-м Вітаўт захапіў Смаленск і ўключыў яго ў склад ВКЛ. Неўзабаве горад падпарадкаваў сабе князь Разані (знаходзіцца ў сучаснай Расіі), але вялікі князь літоўскі праз тры гады вярнуў яго. Смаленскія ратнікі ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве, у якой быў пераможаны Тэўтонскі ордэн, — летапісцы адзначалі іх мужнасць. З тых часоў горад доўга заставаўся ў складзе беларуска-літоўскай дзяржавы.
«Смаленск быў цэнтрам беларускага гуманітарнага асяродку. У 15−16-м стагоддзях менавіта ў Смаленску былі створаныя ўсе беларуска-літоўскія летапісы. Тут быў напісаны славуты Радзівілаўскі летапіс, які мае каля тысячы малюнкаў. Смаленск быў культурным цэнтрам сярэднявечнай Беларусі», — расказваў археолаг і палітык Алег Трусаў.
У 1514-м горад захапіла Масква і валодала ім амаль стагоддзе. Але ў 1611-м Смаленск вярнулі ў ВКЛ. Тады ён атрымаў Магдэбургскае права, якое давала яму самакіраванне.

Некалькі стагоддзяў праціўнікі спрабавалі адабраць адзін у аднаго Смаленск. Яны аблажылі яго, у горадзе ладзіліся змовы супраць Масквы і Вільні (сучасны Вільнюс). Абедзве дзяржавы неаднаразова «назаўжды» адмаўляліся ад прэтэнзій на населены пункт. Але ў 1654-м пачалася новая вайна. Маскоўскія войскі захапілі Смаленск, што пазней было зафіксавана ў чарговым перамір'і і «вечным міры». З таго часу ён канчаткова ўвайшоў у склад Расіі. А праз паўтара стагоддзя гэтая краіна захапіла сучасныя беларускія землі.
Нават праз 200 гадоў пасля канчатковага далучэння да Расіі, у 1860-я, колькасць беларускага насельніцтва ў Смаленскай губерні паводле афіцыйнай статыстыкі складала 46,6%. Але палітыка русіфікацыі зрабіла сваю справу. Так, у гэтым горадзе ў 1919-м яшчэ абвяшчалі БССР, але ў выніку ён канчаткова стаў расійскім і цяпер не мае ніякага дачынення да Беларусі. Ніякіх значных прэтэнзій наконт суверэнітэту над гэтым населеным пунктам няма.
Другі прыклад спрэчных тэрыторый — Эльзас і Латарынгія. У старажытнасці гэтыя рэгіёны ўваходзілі ў склад Святой Рымскай імперыі (ядром гэтай дзяржавы была Германія), у Сярэднявеччы і ў Новы час былі далучаныя да Францыі. Дарэчы, пэўны час герцагам Латарынгіі быў Станіслаў Ляшчынскі — зрынуты да таго часу вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы. Ён атрымаў гэты рэгіён у пажыццёвае валоданне ад французскага караля, бо яго дачка выйшла замуж за Людовіка XV.
У 1870−1871 гадах адбылася вайна паміж Францыяй і Прусіяй. Апошняя разгромна перамагла і завяршыла працэс аб’яднання Германіі. На карце свету паўстала магутная Германская імперыя. Паводле ўмоваў мірнай дамовы Берлін атрымаў значную частку Латарынгіі і амаль увесь Эльзас. Яны перайшлі пад непасрэднае кіраванне імператара.
Французы не змірыліся з гэтай паразай. У грамадстве панавалі рэваншысцкія настроі. У Нансі, цэнтры Латарынгіі, які застаўся пад кантролем Парыжа, з’явіўся алегарычны помнік. Нядзіўна, што адной з мэтаў Францыі ў непазбежным будучым супрацьстаянні з Германіяй было вяртанне гэтых рэгіёнаў.

Так і адбылося. Па выніках Першай сусветнай вайны Францыя анексавала Эльзас і Латарынгію і ўключыла іх у свой склад на падставе Версальскай дамовы. Але немцы і не думалі мірыцца з гэтым. У 1940-м Трэці рэйх акупаваў паўночную частку Францыі (у паўднёвай спачатку з’явіўся калабарацыянісцкі рэжым Вішы, але потым гэтая тэрыторыя таксама была занятая нацыстамі). Умовы перамір'я (паўнавартасная мірная дамова так і не была заключаная) перагляду межаў не прадугледжвалі, але немцы «пад шумок» зноў вярнулі рэгіён сабе.
Гэта спарадзіла трагедыю, якая атрымала ў гістарычнай літаратуры назву «супраць нашай волі». Мясцовых жыхароў прымусова прызывалі ў вермахт або войскі СС і часта адпраўлялі на Усходні фронт. Тых, хто адмаўляўся запісацца туды добраахвотна, шантажавалі пагрозамі дэпартаваць сем'і. Тым не менш з 20 тысяч салдат, адпраўленых на Усходні фронт з Эльзаса і Латарынгіі, 37% дэзерціравалі. Некаторых шчасліўчыкаў — усяго 1,5 тысячы чалавек з тых, хто трапіў у савецкі палон, — перавялі ў Алжыр, дзе яны далучыліся да «Свабоднай Францыі» генерала Шарля дэ Голя. Але астатніх у СССР лічылі немцамі і абыходзіліся з імі адпаведна.
Перамога саюзнікаў паклала канец гэтай акупацыі, і пасля Другой сусветнай вайны Эльзас і Латарынгія канчаткова сталі тэрыторыямі Францыі.
Каротка ўспомнім і трэці прыклад — Гданьск. У старажытнасці, у ХІ-ХІІІ стагоддзях, гэты горад належаў Польшчы. Затым быў захоплены Тэўтонскім ордэнам і перайменаваны ў Данцыг. У сярэдзіне ХV стагоддзя вярнуўся ў склад Польшчы, захаваўшы пры гэтым самастойнасць ва ўнутраных справах. У канцы XVIII стагоддзя ён зноў трапіў у склад Прусіі і стаў Данцыгам. Пэўны час пасля Першай сусветнай вайны быў вольным горадам пад пратэктаратам Лігі Нацый (папярэдніцы ААН). Нарэшце, пасля Другой сусветнай, горад вярнуўся ў склад Польшчы і аднавіў сваё імя.

Мы прывялі толькі тры прыклады. Але ў Еўропе хапала і іншых тэрыторый, якія неаднаразова мянялі сваю дзяржаўную прыналежнасць. Усё змянілася ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.
Наступствы Другой сусветнай
Апошнім па часе буйным канфліктам, які закрануў увесь кантынент, стала Другая сусветная вайна. Агулам у ёй удзельнічалі 62 дзяржавы з 74, што існавалі на той час (больш за 80% насельніцтва Зямлі). Што да Еўропы, то нейтралітэт здолелі захаваць адзінкі (Швейцарыя, Іспанія, Швецыя). Астатнія непасрэдна ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях або былі акупаваныя.
Пасля Другой сусветнай межы былі сур’ёзна адкарэктаваныя. Так, Германія страціла Усходнюю Прусію з Кёнігсбергам (быў перайменаваны ў Калінінград), якая адышла да СССР і Польшчы, а таксама частку тэрыторый на ўсходзе краіны, якія таксама сталі часткай Польшчы. Венгрыя была вымушаная вярнуць папярэднім уладальнікам тэрыторыі, захопленыя падчас канфлікту. Правялі і мноства іншых зменаў.
Але самае важнае здарылася потым: менавіта пасля Другой сусветнай вайны канчаткова замацавалася паняцце непарушнасці межаў. У Статуце ААН фіксавалася, што ўсе чальцы арганізацыі «ўстрымліваюцца ў іх міжнародных адносінах ад пагрозы сілай або яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай недатыкальнасці або палітычнай незалежнасці любой дзяржавы». Пазней прынцып непарушнасці межаў замацавалі і ў іншых дакументах (напрыклад, у Хельсінкскіх пагадненнях 1975 года). Але глабальна спробаў перакройвання тэрыторый дзяржаваў у Еўропе не рабілася як да, так і пасля Хельсінкі. На гэта было як мінімум дзве прычыны.

Першая — страшныя наступствы Другой сусветнай. Баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі 40 дзяржаваў. У шэрагах узброеных сіл знаходзілася 110 млн чалавек. Больш за 55 млн чалавек загінула — сярод іх былі як вайскоўцы, так і мірнае насельніцтва. Большасці дзяржаваў, а таксама пераважнай колькасці людзей здавалася немагчымым пачынаць пасля такіх ахвяраў новыя супрацьстаянні.
Другая прычына — халодная вайна. Неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай, як вобразна заўважыў былы брытанскі прэм’ер Уінстан Чэрчыль, «ад Штэціна (цяпер заходні польскі горад Шчэцін. — Заўв. рэд.) на Балтыцы да Трыеста на Адрыятыцы, жалезная заслона выцягнулася ўпоперак кантынента». Краіны Захаду пачалі арыентавацца на ЗША і неўзабаве аб’ядналіся ў блок NATO, краіны Усходняй Еўропы аказаліся цалкам залежнымі ад СССР і сталі чальцамі Арганізацыі Варшаўскай дамовы. Нейтралітэт таксама захавалі адзінкі (накшталт Швейцарыі ці Югаславіі). У такіх умовах самастойныя дзеянні адной краіны па змене межаў былі малаімаверныя. Больш рэальнымі падаваліся скаардынаваныя дзеянні таго ці іншага блока.
А яшчэ NATO аб’ядноўваў дэмакратычныя краіны, якім у цэлым, у параўнанні з аўтарытарнымі рэжымамі, нашмат менш характэрнае імкненне да захопаў і анексіі. Гэта не значыць, што ў іх лідараў не было ваенных планаў. Якраз наадварот, іх распрацоўвалі і амерыканцы, і англічане, і прадстаўнікі СССР. Пра некаторыя з іх мы расказвалі ў тэксце ніжэй.
Але гэтыя планы заставаліся таямніцай — шырокая грамадскасць пра іх не ведала. А яшчэ толькі першыя ваенныя дактрыны, створаныя ў другой палове 1940-х — пачатку 1950-х, прадугледжвалі напад першымі. Потым у іх пераважна разглядаўся толькі адказ на гіпатэтычнае ўварванне праціўніка. Акрамя таго, краіны, якія знаходзіліся за жалезнай заслонай, лічыліся чужой сферай уплыву. Менавіта таму Захад не мог і не захацеў адкрыта ўмяшацца, калі савецкія войскі сілай душылі «Будапешцкую восень» (1956) або «Пражскую вясну» (1968).
У выніку гэтых падзей у еўрапейскай эліце з’явіўся кансэнсус наконт непарушнасці межаў. Лічылася, што ўсе тэрытарыяльныя змены пасля Другой сусветнай — канчатковыя. Вядома, прэтэнзіі паміж краінамі заставаліся — у многіх народаў ёсць важныя для іх землі, якія аказаліся ў выніку гістарычных падзей у межах іншых дзяржаваў. Але ў той жа час усе бакі разумелі, што, калі пачаць вырашаць гэтыя пытанні сілай, то Еўропа зноў занурыцца ў хаос папярэдніх гадоў. А з улікам развіцця ўзбраенняў і асабліва з’яўлення ядзернай зброі высокай была імавернасць, што патэнцыйныя страты не будуць каштаваць ніякіх магчымых набыткаў.
Некалькі выключэнняў
Гэта не значыць, што гэты прынцып наогул не парушаўся, — ідэальнага свету не існуе. Значнае выключэнне ў Еўропе адно (ці два — залежыць ад крытэраў).
Першае і асноўнае — турэцкае ўварванне на Кіпр, што здарылася ў 1974 годзе. Нагодай стаў пераварот на востраве і зрынанне — як пазней аказалася, непрацяглае — прэзідэнта краіны, арцыбіскупа Макарыяса. Туркі занялі паўночную частку вострава і абвясцілі там Турэцкую рэспубліку Паўночнага Кіпра. Праўда, яе прызнала толькі сама Анкара, а існаванне гэтага ўтварэння да сёння залежыць выключна ад дапамогі Турцыі. Сусветная ж супольнасць прызнае юрысдыкцыю Кіпра над усім востравам. Гэтая акалічнасць да сёння перашкаджае ўступленню Турцыі ў Еўрапейскі саюз.

Цяпер праблема выглядае замарожанай. Адзінае выйсце з сітуацыі — вяртанне кіпрыётам захопленых тэрыторый. Але Анкара, якая мае свае геапалітычныя амбіцыі, наўрад ці на гэта пойдзе.
Зрэшты, геаграфічна Турцыя — усё ж азіяцкая, а не еўрапейская краіна (да нашай часткі свету адносіцца толькі невялікі ўчастак яе тэрыторыі з часткай Стамбула), тое самае можна сказаць пра Кіпр. Іншы прыклад адносіцца выключна да Еўропы.
Гаворка пра югаслаўскія войны, якія адбываліся цягам дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Яны ўключылі ў сябе барацьбу афіцыйнага Белграда з рэспублікамі, якія абвясцілі незалежнасць (Славеніяй, Харватыяй, Босніяй і Герцагавінай), канфлікт у апошняй краіне паміж мясцовымі сербамі, харватамі і баснійцамі, аперацыі NATO, а таксама вайну ў Косава. Унутраныя ўдзельнікі гэтага канфлікту, зразумела, ставілі перад сабой мэтай змяніць межы. Але ўсё ж першапачатковай мэтай войнаў было не далучэнне новых тэрыторый, а барацьба за незалежнасць або (у выпадку Белграда) супрацьстаянне ёй.
Падзеі ў Югаславіі адбываліся на фоне распаду дзяржавы. Таму ці ўключаць гэты кейс у спіс выключэнняў — пытанне спрэчнае. Але ўсё ж дзякуючы намаганням міжнароднай супольнасці на былых югаслаўскіх тэрыторыях урэшце рэшт крохкі мір. У астатніх жа рэгіёнах Еўропы на вайну практычна забыліся.
Пагрозы ядзернага ўдару і нібыта расійская Адэса
Новыя праблемы- «спрэчныя» тэрыторыі з Украінай (у Крыме і на паўднёвым усходзе краіны) — справакавала менавіта Расія. Яшчэ ў жніўні 1991 года прэс-сакратар Ельцына Павел Вашчанаў заявіў пра магчымыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расіі да аддзеленых рэспублік. У той жа дзень у тэлеінтэрв'ю мэр Масквы Гаўрыіл Папоў назваў расійскімі Крым, Данбас, Харкаўшчыну, Адэскую вобласць, а таксама Прыднястроўе (уваходзіць у склад Малдовы). Дарэчы, у наступным годзе расійская армія якраз умяшалася ў канфлікт у Прыднястроўі на баку сепаратыстаў.
У кастрычніку 1991 года ў «Московских новостях» з’явіўся артыкул пра тое, што магчымы прэвентыўны ядзерны ўдар па Украіне з прычыны тых самых тэрытарыяльных прэтэнзій. «Независимая газета» звярнулася з пытаннем пра рэальнасць такога сцэнара да Ельцына. Той сказаў, што ён «абмяркоўваў гэтую магчымасць з вайскоўцамі і для яе няма тэхнічных магчымасцяў». Інфармацыя пра такія чуткі з’явілася і ў газеце «Известия». Там паведамленні пра абмен ядзернымі ўдарамі або прэвентыўны ўдар з боку Расіі назвалі абсурдам. Але жнівеньскія заявы расійскіх чыноўнікаў і адказ Ельцына прымушаюць ставіцца да гэтай інфармацыі сур’ёзна.
З пачатку 1990-х Расія прэтэндавала на Чарнаморскі флот і вуснамі высокапастаўленых чыноўнікаў рыхтавала грамадскае меркаванне да анексіі Крыма. Урэшце гэта прывяло да захопу паўвострава, а таксама тэрыторый на паўднёвым усходзе Украіны, дзе пры дапамозе Масквы з’явіліся самаабвешчаныя ДНР і ЛНР.
У працяг гэтай палітыкі Расія ў лютым 2022-га развязала самую буйную вайну ў Еўропе з 1945 года. Прычым яна дзейнічала зыходзячы з алгарытму і логікі XIX ці ў найлепшым выпадку першай паловы XX стагоддзя.
У эпоху Напалеона Пуціна цалкам маглі б назваць выдатным гістарычным дзеячам, а ў Расіі — нават нацыянальным героем, бо ў тую эпоху ён рабіў бы гэтак жа, як і іншыя. Тады вялікія дзяржавы часцяком дзейнічалі з пазіцыі сілы, забіраючы тэрыторыі ў слабых, а потым імкнуліся замацаваць іх далучэнне на аснове якой-небудзь мірнай дамовы. Пры гэтым было абсалютна ўсё роўна, мелі краіны нейкія правы на гэтыя землі ці не. Напрыклад, у Французскую імперыю за Напалеонам уваходзілі часткі сучасных Іспаніі, Італіі, Харватыі, Славеніі, Германіі, а таксама сучасныя Бельгія і Нідэрланды.
У сваю чаргу, дзяржавы, якія аднавілі ў першай палове ХХ стагоддзя сваю незалежнасць, прэтэндавалі на максімальна вялікія прасторы, якія потым спрабавалі адстаяць і захаваць. Нешта ў іх атрымалася, а нешта не.

Калі б мы кіраваліся прынцыпамі ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя, то Крым і паўднёвы ўсход Украіны сапраўды маглі б лічыцца спрэчнымі тэрыторыямі, бо паўвостраў быў часткай РСФСР і Расійскай імперыі, а на абедзвюх тэрыторыях жыве значная колькасць рускамоўнага насельніцтва. Але ў ХХІ стагоддзі гэтая логіка не працуе і не можа працаваць.
Імкнучыся адарваць частку Украіны, Расія спрабуе вярнуцца да сістэмы адносін, даўно спісанай у архіў. Калі дзеянні Крамля былі паспяховымі, яны прывялі б да поўнага краху сістэмы міжнароднага права, якая забяспечвала мірнае суіснаванне многіх нацыям, — а значыць, і да шматлікіх войнаў. Бо ў такім выпадку нішто не перашкаджае ўмоўнаму Кітаю ўвесці войскі на багатыя так патрэбнымі КНР рэсурсамі тэрыторыі РФ, правесці там рэферэндумы і заявіць, што мясцовае насельніцтва заўсёды марыла аказацца пад уладай Пекіна.
Менавіта таму цывілізаваны свет заняў прынцыповую пазіцыю і не прызнаў Крым, Данецк, Луганск, Херсон і Запарожжа расійскімі: калі мы жывём у сучаснасці, то гэта бясспрэчныя часткі суверэннай Украіны.
Чытайце таксама


