80% беларусаў, якія эмігравалі, «збіраюцца вярнуцца ў краіну пры ўмове, што ў ёй зменіцца ўлада», заявіў акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі, прадстаўляючы 17 чэрвеня ў Берліне прамежкавыя вынікі апытання, якое праводзіцца пры падтрымцы праекта VisiBYlity, піша «Позiрк».

Эксперт удакладніў, што ў апытанні ўдзельнічаюць беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве і былі вымушаныя пакінуць радзіму пасля падзей 2020 года, і ўкраінцы — пасля расійскага ўварвання ў 2022-м. Паводле яго словаў, даследаванне працягваецца, пакуль гатовыя толькі «першыя высновы», «папярэднія вынікі пасля апытання 300 рэспандэнтаў, палова з якіх — беларусы». «Таму звесткі нельга лічыць канчатковымі і рэпрэзентатыўнымі», — падкрэсліў Львоўскі.
На прэзентацыі акадэмічны дырэктар BEROC канстатаваў, што ўдзельнікі апытання — як беларусы, так і ўкраінцы — «настроеныя дастаткова песімістычна». На прамое пытанне, ці збіраюцца яны вяртацца ў сваю краіну, толькі 20% рэспандэнтаў — грамадзян абедзвюх дзяржаваў адказала, што гатовыя гэта зрабіць без умоваў (украінцы пры ўмове завяршэння баявых дзеянняў — 40%, завяршэння баявых дзеянняў і змены ўлады ў РФ — 88%).
Паводле Львоўскага, папярэднія вынікі паказалі, што ў першы год жыцця ў новай краіне незадаволеныя сваёй працай 40% мігрантаў, пасля трох гадоў гэтая лічба змяншаецца да 15%.
Даследчыкаў, адзначыў ён, у першую чаргу цікавілі эмігранты «з высокім чалавечым капіталам», але «неканвертавальнай прафесіяй». «Паспяховы адвакат ці юрыст ва Украіне з веданнем крымінальнага права сваёй краіны не будзе вельмі запатрабаваны ў Польшчы ці Літве, — растлумачыў прадстаўнік даследчага цэнтра. — Тое самае можна сказаць пра выкладчыка ў школе ці ўніверсітэце. І некаторыя віды дактароў. Тэрапеўт — канвертавальная прафесія, а нейраанколаг — неканвертавальная ў эміграцыі. Таксама не вельмі канвертавальныя ў эміграцыі псіхолагі і псіхіятры».
Высокі чалавечы капітал, паводле Львоўскага, «не азначае высокай зарплаты»: «Чым вышэйшая была зарплата ў роднай краіне, тым лепш людзі адаптуюцца ў эміграцыі».
«Напрыклад, сярод апытаных з заробкам, ніжэйшым за сярэдні ў „дамашняй краіне“, толькі 18% кажа, што іх навыкі спатрэбіліся ў эміграцыі, — адзначыў эксперт. — 19% тых, хто атрымліваў дома сярэдні заробак і нядрэнна ўладкаваўся на новым месцы. 44% тых, хто зарабляў вышэй за сярэдні, прыдаюцца навыкі ў новай краіне. [Зарабляюць] значна вышэй за сярэдні — больш за тры сярэднія заробкі, сярод іх 72% кажа, што іх навыкі прыдаюцца ў новай краіне».
Часцей за ўсё эмігранты з неканвертавальнымі прафесіямі выбіраюць «пачаць усё з нуля» — паспрабаваць перазапусціць кар’еру, прайсці кваліфікацыйныя экзамены, сабраць кліенцкую базу, знайсці працу ў сумежнай індустрыі, якая б не патрабавала перанавучання.
Львоўскі падкрэсліў, што на выбар той ці іншай стратэгіі ў першую чаргу ўплывае «аптымізм што да вяртання на радзіму». «Найбольш аптымістычныя людзі часцей выбіраюць пачаць нейкую працу з нуля. Відавочна, чакаюць, што змогуць вярнуцца і працягнуць кар’еру, а ў новай краіне неяк здабыць на хлеб з маслам — і добра», — растлумачыў ён.
Эмігранты, якія сутыкаюцца з бюракратычнымі перашкодамі, «часцей выбіраюць працу ў сумежнай індустрыі». Чым даўжэй чалавек знаходзіўся ў кар’еры, адзначыў эксперт, тым даўжэй ён імкнецца «захаваць сваю кар’еру і чалавечы капітал».
Каб эмігранты лепш адаптаваліся на новым месцы, даследчык рэкамендаваў краінам іх знаходжання «ствараць цэнтры адаптацыі і пошуку працы для людзей, якія маюць з гэтым цяжкасці».
Праект VisiBYlity, які рэалізуе Інстытут еўрапейскай палітыкі (Германія), пачаўся 1 ліпеня 2023 года і скончыцца 21 чэрвеня 2024-га. Ён закліканы прыцягнуць «большую ўвагу да беларускай дыяспары з боку нямецкай і еўрапейскай грамадскасці».