Топ-чыноўнік прапануе стварыць яшчэ адно міністэрства. У распараджэнне «Люстэрка» трапіла дакладная запіска з грыфам ДСК
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У нашай краіне існуюць 24 міністэрствы. Але, на думку намесніка старшыні Усебеларускага сходу і экс-кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандра Косінца, гэтага недастаткова. Ён прапанаваў стварыць яшчэ адно. Гэта стала вядома «Люстэрку» з дакладной запіскі віцэ-прэм'еру Уладзіміру Караніку з грыфам «Для службовага карыстання». Дакумент мы атрымалі з дапамогай BELPOL.

Александр Косинец. Фото: TUT.BY
Аляксандр Косінец. Фота: TUT.BY

Дакладную запіску Караніку 5 сакавіка даслаў першы намеснік начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення апарату Савета Міністраў Аляксандр Кашынскі. У першай частцы запіскі ён працытаваў прапанову экс-кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандра Косінца, якую той адправіў палітыку. Сутнасць яе ў тым, каб стварыць у краіне Міністэрства біялагічнай і фармацэўтычнай прамысловасці (Мінбіяфарм).

Косінец упэўнены, што «эфектыўная арганізацыя і кіраванне» ў фармакалагічнай індустрыі «мае вельмі важнае значэнне ў стратэгічным развіцці нашай дзяржавы і забяспечанні нацыянальнай бяспекі». Асноўных аргументаў для стварэння новага міністэрства ў чыноўніка два.

Імпарт у 2,5 разу перавышае экспарт

Па-першае, вялікія аб’ёмы экспарту ў сферы фармакалогіі. Косінец адзначае, што ў Беларусі лекавыя прэпараты вырабляюць 96 прадпрыемстваў (12 дзяржаўных і 84 прыватныя). З іх 67 працуюць з прэпаратамі для людзей, 29 — для жывёл.

— Прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці самастойна, ініцыятыўна, на аснове аналізу імпартных закупак у папярэднія перыяды вызначаюць напрамкі сваёй дзейнасці, — канстатуе Косінец.

Мяркуючы з усяго, выбраныя «напрамкі дзейнасці» не вельмі задавальняюць чыноўніка ў фінансавым плане. Паводле звестак Белстата, на якія спасылаецца ў сваёй прапанове намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу, у 2024 годзе імпарт лекавых прэпаратаў склаў 939 мільёнаў даляраў. Пры гэтым на экспарт прыпала ўсяго 378 мільёнаў даляраў.

Як лічыць Косінец, такая вялікая розніца паміж экспартам і імпартам звязаная з тым, што «наяўныя ў нас магчымасці выкарыстоўваюцца недастаткова». А значыць, аргументуе ён, трэба перагледзець «падыход да развіцця фарміндустрыі».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Volodymyr Hryshchenko, unsplash.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Volodymyr Hryshchenko, unsplash.com

«Шэраг негатыўных тэндэнцый»

Па-другое, чыноўнік звяртае ўвагу на «праблемы ў галіне фарміндустрыі ветэрынарных прэпаратаў».

— У пераважнай большасці выпадкаў прычыны смяротнасці жывёлы — захворванні. Хворыя жывёлы ці не атрымліваюць, ці атрымліваюць неналежнае лячэнне (несумненна, што догляд і кармленне граюць важную ролю), — адзначае Косінец.

І зноў прыводзіць статыстыку. Так, у 2024 годзе павялічылася смяротнасць буйной рагатай жывёлы (148 тысяч галоваў супраць 124 тысяч у 2023-м). Прычым 36% смерцяў — гэта цяляты да двух месяцаў. Вырас гэты паказчык і ў свінагадоўлі: 718 тысяч галоваў у 2024 годзе і 560 тысяч у 2023-м. Палепшылася сітуацыя толькі ў птушкагадоўлі. Летась загінула 22,4 мільёна птушак, што на сем мільёнаў менш, чым пазалетась.

Як адзначае чыноўнік, да такой карціны прыводзіць «шэраг негатыўных тэндэнцый». Напрыклад, апошнім часам не прымалі нарматыўных дакументаў, якія б рэгламентавалі абарот ветэрынарных прэпаратаў. Таксама «амаль усе» сельгасарганізацыі закупляюць іх самастойна, як унутры краіны, так і за мяжой. Праз што «не выключаюцца» парушэнні падчас закупак.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Polina Tankilevitch
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Polina Tankilevitch

Акрамя таго, лічыць Косінец, паміж распрацоўшчыкамі і вытворцамі прэпаратаў «штучна ствараецца канкурэнцыя». І прыводзіць прыклад: Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя Вышалескага не толькі распрацоўвае прэпараты, але і сам вырабляе іх. Хоць гэта мог бы рабіць «Белвітуніфарм». Прычым кошт выніковага прэпарата ў інстытута ніжэйшы.

Таксама зафіксаваныя парушэнні GMP (з англ. Good manufacturing practice, належная вытворчая практыка — патрабаванні да арганізацыі вытворчасці і кантролю якасці лекавых сродкаў для людзей і жывёл). Пра якія менавіта парушэнні ідзе гаворка і хто іх дапускаў, у дакуменце не ўдакладняецца.

Што вырашылі?

Галоўнае эканамічнае ўпраўленне адзначае, што прапанову Косінца Лукашэнка ўжо атрымаў. І даручыў прэм’ер-міністру (на той момант Раману Галоўчанку) яе «ўважліва вывучыць і ўзгодненыя прапановы ўнесці на разгляд» яшчэ раз.

Далей даручэнні пачаў раздаваць ужо Галоўчанка. Ён паставіў задачу падначаленым адказаць на пытанне: «Што перашкаджае развіваць фармпрамысловасць у складзе Мінздароўя, а вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў — у складзе Мінсельгасхарча?» Відавочна, цяпер гэтым будзе займацца Уладзімір Каранік.

Гэта не адна такая ініцыятыва па стварэнні дадатковых міністэрстваў. Так, напрыклад, летась бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя праф. М.С. Куняўскага прапаноўваў стварыць Міністэрства тэхналагічнага і інавацыйнага развіцця.

Між тым па колькасці міністэрстваў нашая краіна — лідарка сярод суседак. Так, у Расіі іх 21, у Польшчы і Украіне — па 19, у Літве і Латвіі — па 14.