Мінская «прэміяльная» клініка «Айрыс» у 2024 годзе змяніла назву і ўладальніка. Раней яна належала бізнесоўцу Паўлу Беламу і Святлане Канашэнка, якую называюць асабістай доктаркай Лукашэнкі. Новая ўладальніца — Алена Казак — таксама ўваходзіць у блізкае кола палітыка і «засвяцілася» ў адным з самых трагічных эпізодаў 2020 года.

ВІП-клініка з непублічнымі ўладальнікамі
Салон прыгажосці «Айрыс» адкрыўся ў Мінску ў 2017 годзе. Ён прапаноўваў медыцынскія, касметалагічныя і цырульніцкія паслугі, а таксама масаж і манікюр. Сваімі козырамі называў высакакласных касметолагаў з вялікім досведам працы. А таксама інавацыйнае абсталяванне для эстэтычных працэдур.
Так, 45% кампаніі належала бізнесоўцу Паўлу Беламу і звязанай з ім юрыдычнай асобе. А 50% — арганізацыі «МедыкЭйдж», якой валодалі дзве сястры — Святлана Канашэнка (90%) і Наталля Кізік (10%). Яшчэ пяць працэнтаў былі ў «Тапас-Інвесткапітал».
Святлана Канашэнка — супрацоўніца Службы бяспекі Лукашэнкі, якую называюць асабістай доктаркай палітыка. Яна часта суправаджае Лукашэнку ў афіцыйных паездках і ў апошнія гады рэгулярна трапляе на кадры афіцыйнай фотахронікі са шпіцам Умкам.

Наталля Кізік — родная сястра Святланы Канашэнка. Яна была афіцыйнай кіраўніцай салона «Айрыс» з адкрыцця і да студзеня 2024 года.
Павел Белы — бізнесовец і хакеіст. Нейкі час ён гуляў у хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі, быў найлепшым бамбардзірам і найлепшым асістэнтам палітыка. Таксама Белы — адзін з асноўных забудоўшчыкаў Мінска. Яму належыць мноства нерухомасці ў розных раёнах сталіцы, пераважна ў цэнтры і вакол мікрараёна Дразды.

У апошнія гады ў бізнесу Белага не найлепшыя часы: у 2023 годзе была інфармацыя пра фінансавыя праблемы яго кампаній і адыходзе з хакейнай каманды Лукашэнкі (крыніца «Люстэрка» звязвала гэтыя падзеі).
Складана сказаць, што цяпер з ягоным бізнесам: адна кампанія са структур, звязаных з «Тапасам», нядаўна атрымала дзяржпадтрымку, іншая — распрадавала маёмасць.
Новая назва і ўладальніца
У 2024 годзе ў салоне адбыліся перамены. Склад уладальнікаў змяніўся: пасля некалькіх перастановак Павел Белы, Святлана Канашэнка і Наталля Кізік выйшлі з ліку ўласнікаў кампаніі. Мяркуючы з дадзеных АДР, са студзеня 2024 года 100% бізнесу належыць Алене Георгіеўне Казак. Яна ж — афіцыйная кіраўніца клінікі. Аднак немагчыма высветліць, адбылася змена ўласніка ў выніку продажу, дарэння ці іншым спосабам.
Сама ўстанова працягнула працаваць па тым самым адрасе, але змяніла назву: замест «Айрыс» на шыльдзе цяпер стаіць Antiage Clinic. Кліентам прапануюць працэдуры для амаладжэння, эпіляцыі, касметалогіі і дэрматалогіі, абяцаюць «толькі прэміяльныя матэрыялы і найноўшыя тэхналогіі».

Медык з блізкага кола
Алена Казак — яшчэ адна жанчына з блізкага атачэння Лукашэнкі, звязаная з медыцынай.
Цяпер ёй 39 гадоў. Паводле інфармацыі TUT.BY, яна выпускніца БДМУ і анестэзіёлаг-рэаніматолаг па прафесіі. Некалькі гадоў — з 2014 да 2019-га — яна працавала ў РНПЦ «Кардыялогія» (у 2016 годзе ў адной з публікацый яе прадстаўлялі як навуковую супрацоўніцу лабараторыі хранічнай сардэчнай недастатковасці). Паводле звестак выдання «Бюро», у 2020−2021 гадах яна нібыта лічылася ў РНПЦ, аднак не плаціла падатковых адлічэнняў. Ужо ў 2022-м Казак перайшла ў 6-ю клінічную бальніцу на афіцыйную заработную плату каля 200 даляраў за месяц.
Казак — актыўная ўдзельніца «суправаджэння» Лукашэнкі на нефармальных мерапрыемствах. Напрыклад, у лістападзе 2017-га яна была разам з Лукашэнкам на трыбуне тэніснага матча, у траўні 2018-га — сярод гледачоў конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь», у жніўні 2018-га ў жаночай кампаніі збірала кавуны на «полі Лукашэнкі». 29 жніўня 2020-га Алену Казак заўважылі на праўладным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» побач з Наталляй Эйсмант і Дзмітрыем Баскавым.

Алену Казак пазналі сярод тых, хто зразаў БЧБ-стужкі ў кампаніі Дзмітрыя Баскава і іншых у мінскіх дварах 11 лістапада 2020 года. Нагадаем, у той вечар невядомыя людзі, якія прыехалі ў чужы двор зразаць бел-чырвона-белыя стужкі, схапілі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Пазней родныя знайшлі хлопца ў бальніцы, дзе ён, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр ад цяжкіх траўмаў. Пра завядзенне крымінальнай справы нічога не вядома. Сама Казак у размове з журналістам тады сказала, што «нідзе не была». Аднак, паводле інфармацыі BYPOL, яе сім-карта ў той вечар была зарэгістраваная ў раёне «Плошчы перамен».
Чытайце таксама