У Беларусі збіраюцца ўзмацніць адказнасць пешаходаў у сітуацыях, калі кіроўца не вінаваты ў ДТЗ. А ўладальнікаў аўто вызваляць ад неабходнасці плаціць кампенсацыю пацярпелым у такіх аварыях, пра гэта ў эфіры СТБ паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве Святлана Любецкая.

11 кастрычніка на паседжанні дзясятай сесіі дэпутаты прынялі шэраг законапраектаў, у тым ліку пра ўдзельнікаў дарожнага руху.
У прыватнасці, у дачыненні да кіроўцаў і пешаходаў прапануецца ўзмацніць адказнасць у так званых сітуацыях без віны. У сваю чаргу для ўладальнікаў аўто збіраюцца зняць забарону на адмову ў кампенсацыі шкоды жыццю і здароўю ў выпадках, калі ў ДТЗ вінаваты сам пацярпелы.
— Сёння заканадаўства прадугледжвае немагчымасць адмовы ў кампенсацыі шкоды жыццю і здароўю, нанесенай пры дарожна-транспартным здарэнні. Не заўсёды атрымлівалася, што такія падыходы справядлівыя, калі таму садзейнічала грубая неасцярожнасць пацярпелага і поўная адсутнасць віны асобы, якая кіравала транспартным сродкам. Сёння такая забарона выключаецца, — заявіла Святлана Любецкая.
Калі новая норма ўступіць у сілу, не ўдакладняецца.
На гэты момант шкоду, нанесеную аўтамабілем як крыніцай павышанай небяспекі, згодна з арт. 948 Грамадзянскага кодэкса, пакрывае яго законны ўладальнік. Прычым гэта можа быць не толькі ўласнік, але і той, хто кіруе аўтамабілем па даверанасці, дамове арэнды, бязвыплатнага карыстання.
Плаціць кампенсацыю ўладальнікам аўто даводзіцца нават у выпадках, калі пешаход, які трапіў пад машыну, быў п’яны ці груба парушыў правілы дарожнага руху. Выключэнне — калі ўладальнік дакажа, што страціў аўтамабіль у выніку крадзяжу.