Жаданне школьнікаў адсвяткаваць выпускны з лімузінам, дыджэем і ў клубе раскрытыкаваў у эфіры СТБ прапагандыст Кірыл Казакоў.

— Адзін выпускнік плаціў блізу 600 даляраў, каб зладзіць сабе выпускны, яшчэ гадоў пяць таму. Лімузін, клуб, дыджэй і гэтак далей, — абурыўся вядоўца.
Прапагандыст падкрэсліў, што падтрымлівае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі праводзіць выпускныя ўрачыстасці сціплей, але адзначыў, што гэтым «многія абураюцца».
— Пры гэтым зроблена ўсё абсалютна правільна, бо часам пыл у вочы, які выпускнікі кідаюць, не патрэбны. Яшчэ пяць гадоў таму людзі ў гэты час бегалі, скуплялі не ведаю што, грымела музыка, заказвалі дыджэяў. А цяпер усё пісьменна і ціха, — расказаў Казакоў.
Дырэктарка школы № 67 Мінска Таццяна Брэль расказала, што «ў адукацыі» 20 гадоў і за яе часамі «не было такога выпускнога вечара, калі, напрыклад, было арганізаванае староннімі арганізацыямі», бо ўсе «стараліся».
— Ну вось 10−11-ы клас рыхтавалі да таго, што будзе выпускны. І, як правіла, з бацькамі праца пачынаецца ўжо ў пачатку 11-га класа, што хочуць, які запыт з нагоды выпускнога. І тлумачыцца так, што выпускны — гэта ўрачыстае мерапрыемства. Яно, як правіла, ідзе паводле акрэсленага пратакола, — сказала Таццяна Брэль.
Як развіваецца гісторыя з выпускнымі вечарамі сёлета
30 красавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў сціплей адзначаць выпускныя вечары. Ён адзначыў, што да святкавання ў рэстаранах з паездкамі на лімузінах ён ставіцца «вельмі негатыўна»: «Гэта мусіць быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — калектывам. Паскачуць, світанак сустрэнуць».
Ён заявіў, што «нельга дапускаць расслаення», а ўлады робяць усё для таго, «каб стварыць для навучання ў школе роўныя магчымасці».
«Гэтага трэба прытрымлівацца, і нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы кажаце. Нейкі там „круцяк“ табе дапамог ці ты багацейшы — ты лімузін замовіў, прыехаў твой малы ў школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна», — дадаў ён.
Старшыня камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі 5 траўня расказаў, як мусяць прайсці выпускныя вечары ў сталіцы. З ягоных словаў вынікае, што паводле запаветаў Лукашэнкі.
Ён адзначыў, што выпускныя будуць арганізаваныя «ў сценах родных школ і гімназій». Калі ж ва ўстанове адукацыі ідзе рамонт, то іх арганізуюць на пляцоўках установаў культуры, дадатковай адукацыі: «І гэта ніякім чынам не забаўляльныя ўстановы — ні рэстараны, ні кавярні».
«Сёння ўстановы адукацыі актыўна рыхтуюцца да ўрачыстасці, і ніякіх лімузінаў ніхто не плануе. Безумоўна, бацькі праяўляюць пэўную ініцыятыву. Нашая задача — не дапусціць неабгрунтаваных збораў грашовых сродкаў на правядзенне выпускных вечароў. Гэтыя рэчы кантралююцца кіраўніцтвам школ, праводзіцца адпаведная праца з бацькоўскім, апякунскім камітэтамі. Выпускны вечар не мусіць станавіцца мерапрыемствам, затратным для сямейнага бюджэту. Выпускнікі рыхтуюць святочныя вобразы. Гэта таксама выдаткі для сям'і. Таму прыцягваць нейкія рэсурсы — артыстаў, дыджэяў — не трэба. Больш за тое, яны не ведаюць ні традыцый школы, ні дзяцей, ні педагогаў. Таму не змогуць стварыць душэўную, цёплую атмасферу», — упэўнены Стрыгельскі.
Чыноўнік таксама адзначыў, што Камбінат школьнага харчавання (КШХ) прапануе выпускное меню. І гэта, на яго думку, з"ручная форма арганізацыі харчавання падчас урачыстага вечара".